Беларуская Служба

ЕС не прызнае вынікаў лукашэнкаўскіх «выбараў», беларусы ў розных краінах праводзяць акцыі пратэсту

26.01.2025 10:37
26 студзеня і ў наступныя дні ў дзясятках гарадоў свету пройдуць беларускія акцыі супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі і правядзення рэжымам Лукашэнкі «бязвыбараў». 
 ,    ,  ,     .
Лукашэнка сказаў, што "галасаваў за ўсіх", гэта значыць, што ён сапсаваў выбарчы бюлетэнь.Фота: Наша Ніва/БелТА

Еўрапейскі саюз не прызнае вынікаў так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паведамляецца, што сёння перамогу ў іх у сёмы раз атрымае Аляксандр Лукашэнка. Прадстаўнікі еўрапейскіх інстытутаў адзначаюць, што перадвыбарчая кампанія не мела нічога агульнага з дэмакратычнымі стандартамі і суправаджалася запалохваннем грамадзян і рэпрэсіямі.

«Гэта знявага дэмакратыі», — так беларускія выбары пракаментавала кіраўніца дыпламатыі ЕС. Кая Калас напісала ў сацсетцы X, што Лукашэнка сам сябе прызначыў на прэзідэнта ў чарговых сфальсіфікаваных выбарах. «Абсалютны падман. Гэтую працэдуру нельга назваць выбарамі, калі загадзя вядома, хто пераможа», — так пракаментавала сітуацыю прадстаўніца Еўракамісіі Аніта Хіпер. Фарсам гэты плебісцыт назвала старшыня Еўрапейскага парламента Роберта Метсола.

У рэзалюцыі, прынятай некалькі дзён таму, еўрадэпутаты заклікалі да ўзмацнення санкцый супраць беларускага рэжыму, якія ўводзяцца з 2020 года, калі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў улады ў Мінску пачалі жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстуючых грамадзян.

26 студзеня і ў наступныя дні ў дзясятках гарадоў свету пройдуць беларускія акцыі супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі і правядзення рэжымам Лукашэнкі «бязвыбараў». Цэнтрам мерапрыемстваў стане Варшава, дзе пройдуць Марш беларусаў і форум «Беларусы годныя лепшага». Але беларусы ў некаторых іншых месцах пачалі акцыі напярэдадні.

Пачатак маршу ў Варшаве 26 студзеня ў 12:00 (па польскім часе). Маршрут: Plac Trzech Krzyży — Pomnik Kopernika — Plac Zamkowy, дзе ў 13:15 запланаваны мітынг.

У 14:00 пачнецца форум «Беларусы годныя лепшага». Удзельнікі падзеляцца сваімі поглядамі на самыя актуальныя тэмы і абмяркуюць ключавыя пытанні пра будучыню Беларусі.

IAR/Офіс С. Ціханоўскай

нг